КАСМІ́ЧНЫ АПАРА́Т,
агульная назва тэхн. сістэм для выканання навукова-тэхн. задач у космасе. Адрозніваюць К.а.: па траекторыі палёту — ШСЗ (рухаюцца па геацэнтрычных арбітах) і міжпланетныя К.а.; па кіраванні — аўтаматычныя (ШСЗ і інш. нябесных цел, аўтам. арбітальныя і міжпланетныя станцыі) і пілатуемыя (касмічныя караблі і арбітальныя станцыі). Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам. Адметная асаблівасць большасці К.а. — магчымасць працяглага самаст. функцыянавання ва ўмовах касм. прасторы. Усе пілатуемыя і большасць аўтам. К.а. маюць сістэму кіравання рухам і ўласную рухальную ўстаноўку. Праблема энергасілкавання вырашаецца пры дапамозе сонечных батарэй, эл.-хім. паліўных элементаў, малагабарытных ядзерных энергет. установак. Канструкцыя К.а. ўлічвае спецыфічныя фактары касм. прасторы — высокі вакуум, рэзкія перапады т-р, наяўнасць метэорных часцінак, высокі ўзровень радыяцыі, бязважкасць. Найб. пашыраныя К.а.: ШСЗ для навук. даследаванняў (напр., «Космас», «Астрон»), сувязі («Маланка») і метэаралогіі («Метэор»); пілатуемыя («Усход», «Саюз», «Меркурый»), арбітальныя станцыі («Салют», «Скайлэб», «Мір»); міжпланетныя К.а. («Месяц», «Апалон», «Венера», «Марынер», «Вікінг», «Піянер», «Вояджэр» і інш.).
У.С.Ларыёнаў.
т. 8, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)